Варона i чыж
Байка

Прыгода гэтая не так даўно была.
К чыжу (а сілы ён, як ведама, не мае)
Варона прыступае:
«Скажы, ці я падобна да арла?»
I бачыць чыж – з варонаю не жарты,
A ўласны хахалок чаго-небудзь ды варты.
«Зусім арол», – адказывае чыж
Вароне клятай з клёна.
«Ну, то ж бо то! Глядзі ж!» –
3 ласкаваю гразьбой пракаркала варона
I паляцела стуль далей.
Ўсё тое бачачы, здзівіўся верабей:
«Браток! Ці жа вачэй не маеш –
Арлом варону называеш?»
Засараміўшыся, чыж так пачаў казаць:
«Як гэтым не зрабіў благога.
Дай бог арла варонай не назваць;
Варону жа арлом – нічога».

1915, Максім Багдановіч

Спадчына

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Памiж сваiх i чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

Аб ёй мне баюць казкi-сны
Вясеннiя праталiны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полi дуб апалены.

Аб ёй мне будзiць успамiн
На лiпе бусел клёкатам
I той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;

I тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбiшчы,
I крык варонiных грамад
На могiлкавым кладбiшчы.

I ў белы дзень i ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Цi гэты скарб не збрыў дзе проч,
Цi трутнем ён не з'едзены.

Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры i глушы
Мне свецiць мiж вандоламi.

Жыве з iм дум маiх сям'я
I снiць з iм сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.

                          Янка Купала

 
Чытаць цалкам:  http://www.vershy.ru/content/spadchyna

Янка Купао